Рэгіянальная грамадская арганізацыя «Нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў у Томскай вобласці» ў рамках другога этапу праекта «Мае продкі – з Беларусі!» правяла 22 – 25 жніўня 2019 года цыкл творчых сустрэч і канцэртна-інфармацыйных праграм для жыхароў Томска і Томскай вобласці. У мерапрыемствах прынялі ўдзел: Заслужаны народны калектыў Рэспублікі Беларусь «Церніца», паэтка і пісьменніца Вера Буланда, дуэт «Чараўніца» і ансамбль «Медуніца» (творчыя калектывы Нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў у Томскай вобласці). Праект «Мае продкі – з Беларусі!» рэалізуецца за кошт сродкаў Фонду прэзідэнцкіх грантаў.

22 жніўня 2019 года ансамбль «Церніца» і Вера Буланда пазнаёмілі прысутных гледачоў са сваёй творчасцю падчас канцэртна-інфармацыйнай праграмы «Спявае Беларусь». Больш за 500 гледачоў апынуліся сведкамі яркага, запамінальнага прадстаўлення беларускіх дзеячоў культуры і творчых калектываў Томска і Томскай вобласці.

«Пакуль вы будзеце любіць, ад шчасця я не адракуся! Бо як без вас, тамічане, жыць… Вы пачакайце, я вярнуся!» Вера Буланда.

Дэлегацыя з Рэспублікі Беларусь была задзейнічана ў актыўнай дзейнасці ў розных раёнах Томскай вобласці. 23 жніўня ў зале Гарадскога дома культуры ў г. Калпашава ансамбль «Церніца» і калектывы Нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў у Томскай вобласці прадставілі канцэртна-інфармацыйную праграму

«Палітра талентаў. Спявае Беларусь». Выступленні артыстаў суправаджалі бясконцыя апладысменты. У фае Гарадскога дома культуры праводзіліся майстар-класы беларускіх майстроў народнай дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Дзеці і дарослыя вучыліся разьбе па дрэве і вырабу рэчаў з саломы. Неабходна адзначыць тое, што вялікая роля ў культурнай падзеі, якая адбылася,  належыць дэпутату Заканадаўчай Думы Томскай вобласці – Аляксандру Браніслававічу Купрыянцу.

https://vk.com/video-57270734_456241028

24 жніўня беларуская дэлегацыя наведала Міжнародны фестываль народных рамёстваў «Свята Сякеры». На «Беларускім падворку» і галоўнай сцэне парку «Аколіца» (г. Томск) адбылося выступленне ансамбля «Церніца». У агульнай колькасці больш за 3 гадзіны працягвалася канцэртная праграма, у якой прагучалі лепшыя песні калектыву. На «Беларускім падворку» ўвесь дзень праводзіліся майстар-класы беларускіх майстроў: Ткачовай Вольгі і Ткачова Ігара з в. Стрэнькі (Рагачоўскі р. Гомельская вобл.). Вера Буланда прыняла ўдзел у «Паэтычным турніры».

Сярод ганаровых гасцей гэтага мерапрыемства прысутнічалі кіраўнік Аддзялення Пасольства Рэспублікі Беларусь у РФ у г. Новасібірску саветнік Гасюк Андрэй Валер’евіч і губернатар Томскай вобласці Жвачкін Сяргей Анатольевіч.

У апошні дзень знаходжання дэлегацыі з Рэспублікі Беларусь адбыліся дзве значныя падзеі: на летняй сцэне Нова-Саборнай плошчы г. Томска, у рамках гадзіннай канцэртнай праграмы, ансамбль «Церніца» выканаў свае лепшыя песні. Далей адбыліся наведванне экспазіцыі “Першага музея славянскай міфалогіі» і сустрэча з актывам дыяспары беларусаў Томскай вобласці. Падзяка ў арганізацыі гэтых мерапрыемстваў накіравана дырэктару музея Вользе Генадзьеўне Паўлавай і супрацоўнікам музея.

На працягу 4-ох дзён другога этапа праекта «Мае продкі – з Беларусі!» яркая і насычаная творчая праграма беларускай дэлегацыі выклікала захопленыя водгукі гледачоў і падзяку арганізатараў.

Рэгіянальная грамадская арганізацыя «Нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў у Томскай вобласці” выказвае сваю падзяку за аказаную дапамогу ў рэалізацыі мерапрыемстваў праекта «Мае продкі – з Беларусі!» Рэспубліканскаму цэнтру нацыянальных культур і яго дырэктару Вользе Вітальеўне Антоненка.

У лістападзе 2019 года праект «Мае продкі – з Беларусі!» падыдзе да свайго завяршэння. Ключавым мерапрыемствам дадзенага этапу рэалізацыі стане Усерасійская навукова-практычная канферэнцыя

«Уклад беларускага народа ў развіццё Сібіры». Запрашаем усіх жадаючых да ўдзелу!